7.10.2019/№ 40

image

Інстытут гісторыі НАН Беларусі працягвае праводзіць выязныя рэгіянальныя навукова-практычныя канферэнцыі.

Яны дазваляюць мясцоваму насель­ніцтву даведацца аб новых напрацоўках па гісторыі іх рэгіёна. Так, 26–27 верасня прайшла другая навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная гісторыі Мсціслава і яго наваколляў, – «Мсціслаў і Мсціслаўскі край: гісторыя, падзеі, людзі». Навуковы форум падтрымалі Мсціслаўскі райвыканкам і Польскі інстытут у Мінску.

Мсціслаў сёння – невялікі горад, але калісьці гэта быў цэнтр удзельнага княства, ваяводства. Тэрыторыі ахоплівалі не толькі большую частку ўсходу Магілёўскай вобласці, але і землі сённяшніх Смаленскай і Бранскай абласцей Расіі. Таму гісторыя гэтага рэгіёна прыцягвае ўвагу даследчыкаў з розных краін.

Сёлетняя канферэнцыя сабрала не толькі вучоных Інстытута гісторыі, але і выкладчыкаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, даследчыкаў з Расіі, Польшчы. Былі разгледжаны праблемы гісторыі рэгіёна розных перыядаў – ад каменнага веку да сучасных дзён, але ў асноўным даклады была прысвечаны гісторыі XVII–XIX стст.

Да таго ж, была дадзена магчымасць і вучням некаторых школ раёна азнаёміць грамадскасць са сваімі напрацоўкамі па гісторыі рэгіёна. Прадстаўнікі райвыканкама прасілі, каб Інстытут гісторыі працягнуў правядзенне навукова-практычных канферэнцый у Мсціславе ў такім фармаце.

image

Падчас мерапрыемства адбылася сустрэча з супрацоўнікамі аддзелаў ідэалагічнай работы ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, на якой прэзентаваны зборнік навуковых артыкулаў па выніках працы папярэдняй канферэнцыі ў Мсціславе, які выйшаў у Выдавецкім доме «Беларуская навука». Гаварылася пра новыя і сацыяльна значныя выданні вучоных, праведзена кансультацыя па розных пытаннях гісторыі Беларусі.

Андрэй МЯЦЕЛЬСКІ, Інстытут гісторыі НАН Беларусі