25.05.2020 №21

image

Адметнасці народнага архітэктурнага дэкору Беларусі паказаны ў кнізе «Беларускі народны архітэктурны дэкор».

У гэтым годзе пабачыла свет кніга «Беларускі народны архітэктурны дэкор» вядучага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктара мастацтвазнаўства Яўгена Сахуты, дзе аўтарам паказаны адметнасці народнага архітэктурнага дэкору Беларусі.

У аснову выдання ляглі матэрыялы, сабраныя вучоным за паўстагоддзя навукова-даследчай дзейнасці. Кніга прысвечана мастацкаму афармленню традыцыйнага народнага жылля беларусаў, пераважна драўлянага. Разглядаюцца гістарычныя абставіны яго развіцця, эвалюцыя на працягу XIX–XX стагоддзяў. Аўтарам выбраны найбольш характэрныя ўзоры разьбянага дэкору, якім вызначаліся ліштвы, шчыты, вільчыкі, ганкі, дзверы, вуглы, брамы і іншыя кампаненты збудаванняў – звыш за 700 фотаздымкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

image

– Яўген Міхайлавіч, дэкор традыцыйнага жылля – маладаследаваны від народнай мастацкай творчасці. З чым гэта звязана?

– Этнографы, гісторыкі, мастацтвазнаўцы спяшаліся асвятліць тыя праявы традыцыйнай культуры нашага народа, якія пад наступам навукова-тэхнічнага прагрэсу імкліва, літаральна на вачах, адыхо­дзілі ў нябыт: розныя віды фальклору, шматлікія рамёствы і промыслы, якім у сучасных працэсах ужо не знаходзілася месца. Што да дэкору народнага жылля, то да яго ўсё неяк не даходзілі рукі. Маўляў, можа і пачакаць… Але апошнім часам стала відавочным, што якраз не можа: вёска імкліва мяняецца, традыцыйных узораў народнага дойлідства ў сваім аўтэнтычным выглядзе ў хуткім часе мы ўжо не ўбачым. Значыць, трэба спяшацца і зафіксаваць узоры цяслярскага і сталярскага ўмельства нашых продкаў.

image

– У кнізе вы сцвяр­джаеце, што традыцыйны дэкор незваротна знікае. Старыя безгаспадарчыя збудаванні трухлеюць або ідуць пад знос, запатрабаваныя, прыдатныя для жылля перарабляюцца на сучасны лад: іх абшываюць сайдынгам, мяняюць драўляныя вокны на шклопакеты... У якіх кутках нашай краіны яшчэ захаваліся колішнія ўзоры народнага архітэктурнага дэкору?

– Перабудова сучаснай вёскі – працэс аб’ектыўны: яго не спыніш і не закансервуеш. Іншая рэч – творча скарыстаць лепшыя мастацкія набыткі продкаў у сучасным сельскім будаўніцтве, напрыклад пры ўзвядзенні аграгарадкоў. Вы ж бачыце, якія яны знешне аднастайныя і безаблічныя. Шматлікія вандроўкі па розных кутках Беларусі далі матэрыял для некаторых высноў: цікавыя ўзоры як традыцыйнага жылля, так і яго дэкору часцей можна пабачыць у аддаленых ад гарадоў, неперспектыўных вёсках, якія, праўда, імкліва занепадаюць ці ўвогуле знікаюць. Добра, калі паселішча абышлі ваенныя віхуры. Так, на пададзеным у кнізе ілюстрацыйным матэрыяле нельга не заўважыць, што з многіх раёнаў ён практычна ўвесь пасляваенны. Але адбудоўвалі на папялішчы новую хату – не забывалі і пра традыцыйны дэкор. Такое вось неўміручае імкненне да прыгажосці…

image

– Ці ёсць адметныя рысы дэкарыравання жылля, нешта агульнае і ўласцівае большасці будынкаў?

– Традыцыйная культура народа якраз тым і вылучаецца, што кожны яе від дэманструе, з аднаго боку, нейкія агульнанацыянальныя рысы, з другога – тыя ці іншыя рэгіянальныя і нават лакальныя адметнасці. Не выключэнне – і дэкор. На першы погляд, ён нібыта ўсюды аднолькавы: ажурнае завяршэнне аконнай акаймоўкі, фігурная апрацоўка выпускаў бэлек, дэкаратыўная ўкладка шалёўкі шчыта. Вось гэта і ёсць агульныя рысы для беларускага народнага дойлідства. Але, аказваецца, у кожным рэгіёне заўважаюцца свае варыянты і адметнасці У сваёй кнізе я вылучыў 14 лакальных раёнаў, дзе гэта даволі прыкметна, а часам яны могуць быць характэрнымі ўвогуле для адной вёскі. Для народнай мастацкай культуры гэта тыповая з’ява.

– Асноўная частка матэрыялу дэманструе ўзоры сельскай архітэктуры. Аднак вы не абышлі ўвагай і горад. Хто ў каго пераймаў аздабленне і ў чым адметнасць гарадскога і вясковага дэкарыравання жылля?

– Вёска заўсёды арыентавалася на горад, асабліва ў ХХ стагоддзі. У горадзе ці мястэчку і майстры былі больш кваліфікаваныя, і нават спецыялізаваныя сталярскія, цяслярскія, разьбярскія арцелі працавалі, якія і жыллё ўзводзілі, і дэкарыравалі яго. Вясковыя майстры пераймалі ўсё лепшае, адпаведнае іх густам і маг­чымасцям, а калі ўлічыць, што гарадское дойлідства таксама было пераважна драўляным і вызначалася традыцыйным характарам, то і асаблівых адрозненняў амаль не заўважаецца. Зірніце ў кнігу: узоры афармлення вокнаў драўлянай забудовы, скажам, сталічнай Грушаўкі (нядаўна амаль цалкам знесенай) аналагічныя дэкору жылля, напрыклад, у Барысаўскім ці Асіповіцкім раёнах.

– Пытанне густу: што асабліва вас уразіла і спадабалася ў народным архітэктурным дэкоры?

– У традыцыйнай мастацкай культуры ўсё, створанае рукамі нашых продкаў, і ўсюды, у кожным куточку Беларусі, па-свойму прыгожае і адметнае. Для мяне аднолькава прыгожыя і выразныя як заходнепалескія хаты з іх лаканічным, скульптурна-пластычным, часта зробленым адной толькі сякераю, дэкорам, так і жыллё Гомельшчыны, «з галавы да ног» укрытае адмыслова выпілаваным ажурам. Нам варта захаваць гэтую прыгажосць не толькі на выявах у навуковых выданнях, але і ў рэальным жыцці!

Гутарыла Юлія ЯЎМЕНЕНКА, «Навука»