7.09.2020 №36

image

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшоў «Тыдзень мастацкага слова».

У перыяд з 31 жніўня па 6 верасня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіўся «Тыдзень мастацкага слова», які ўключаў шэраг мерапрыемстваў з удзелам вучоных Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў.

1 верасня ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася прэзентацыя чарговага выпуску «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (АЛА).

АЛА – старэйшы па часе і буйнейшы міжнародны праект па даследаванні і лінгвістычным картаграфаванні фанетычных, граматычных, словаўтваральных і лексічных рыс усіх славянскіх моў. Ідэя атласа была выказана падчас І Міжнароднага з’езда славістаў (Прага, 1929 г.), а рэалізацыя пачалася з 1958 г. згодна з рашэннем IV (Маскоўскага) з’езда. Атлас пакрывае тэрыторыю ўсіх славянскіх краін. Аб’ём яго сеткі складае 853 населеныя пункты, з якіх было абследавана па адзінай праграме 830, у тым ліку 74 у Беларусі.

У цяперашні час над выпускамі АЛА працуе міжнародны калектыў вучоных-лінгвістаў з акадэмічных устаноў 14 краін: Балгарыі, Беларусі, Германіі (Сербскі інстытут у Будышыне), Паўночнай Македоніі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі і Чэхіі.

Корпус АЛА ў гэтым годзе папоўніўся. У выдавецтве «Academia» (Прага, Чэхія) у сакавіку пабачыў свет дзявяты выпуск фанетыка-граматычнай серыі, прысвечаны вельмі важнаму і істотнаму для славістыкі раздзелу гістарычнай фанетыкі – рэфлексам спалучэнняў галосных о і е з т. зв. «плаўнымі» (*tort, *tolt, *tert, *telt, *ort, *olt).

Усяго ў выпуску 79 карт, 12 з якіх падрыхтаваны з удзелам беларускіх лінгвістаў, у розныя гады звязаных з працай па АЛА (В.П. Русак, М.П. Антропаў, Л.Ц. Выгонная, А.І. Падлужны, А.А. Пацехіна). Перад картаграфічнай часткай традыцыйна змешчаны «Уводзіны» і даведачныя матэрыялы. Уласна карты ўтрымліваюць легенды, каментырыі да карт і суправаджаюцца зыходнымі матэрыяламі – індэксамі найменняў па ўсіх пунктах сеткі атласа. У каментарыях даводзіцца інфармацыя аб нерэгулярных фанетычных зменах.

Па рашэнні Міжнароднай камісіі АЛА пры Міжнародным камітэце славістаў у склад рэдкалегіі выпуску ў якасці сурэдактараў у 2017 г. быў уключаны аўтар гэтых радкоў, які прэзентаваў новы выпуск АЛА навуковай супольнасці.

Мікалай АНТРОПАЎ,

Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі

image

УНІКАЛЬНЫ ТВОРЦА

image

2 верасня акадэмічныя мова- і літаратуразнаўцы правялі навукова-практычны семінар «Мова пісьменніка: камунікатыўныя і эстэтычныя аспекты». Галоўным госцем мерапрыемства стаў Сяргей Давідовіч (на фота).

Нават заўзятыя крытыкі кажуць: ён – чалавек унікальны. Бо далёка не кожны аўтар сёння здольны выдаць 12 важкіх тамоў уласна створаных вершаў, казак, празаічных твораў. У яго актыве – 100 паэм. Да таго ж ён – мастак, музыка і… юрыст па адукацыі, што не перашкодзіла атрымаць прызнанне ў шырокай аўдыторыі і прафесіяналаў.

Але, напэўна, галоўная мэта запрашэння такога госця да вучоных – аповед пра ўласную творчую лабараторыю і крыніцы натхнення. Адна з іх – людзі роднай вёскі Карпілаўка Лагойскага раёна. «Хоць і жыву ў Мінску, лічу сябе чалавекам вясковым. Мяне хвалюе мясцовы побыт, вельмі падабаюцца людзі. Асабліва сталага веку. Яны цікавыя, духоўна багатыя, не зайздрослівыя, з добрым пачуццём гумару, нягледзячы на тое, што жывецца ім не так ужо і проста. Ніколі ім лёгка не было. Асабліва ў ваенныя і пасляваенныя гады», – адзначыў С. Давідовіч.

Родная Карпілаўка – для яго як намолены літаратурны храм. Тут жыў Антон Іванавіч Лявіцкі – знакаміты Ядвігін Ш. Менавіта да яго з суседніх Акопаў завітваў у маладосці Янка Купала са сваім зборнічкам вершаў. Ядвігін Ш. вельмі паўплываў на Купалаву творчасць. Да яго ў Карпілаўку прыязджаў Максім Багдановіч, тут гасцявала Зоська Верас, Уладзіслаў Галубок...

С. Давідовіч звярнуў увагу на тое, што раней крыніцай літаратурных твораў рабіўся кожны новы чалавек, прыезд якога ў вёску быў падзеяй. Яго распытвалі пра розныя цікавосткі, уражанні, пачуцці. Ад гэтага не адрывалі ні ТБ, ні Інтэрнэт – было больш маг­чымасці адчуць чалавечую душу і занатаваць яе асаблівасці ў мастацкім слове.

Любіць паэт у сваіх радках вяртацца да вясковых вечарын. Не абыходзіць увагай тэму Чарнобыльскай трагедыі. Здаецца, уся яго творчасць кіруецца мэтай сказаць нашчадкам: «Мы так жылі!»

Творца сведчыць, што лепш пішацца ўночы. Мо так больш канцэнтруюцца думкі? Але тое, што больш за ўсё падпітвае паэта, дае плён і моц, так і засталося для Сяргея Фёдаравіча загадкай.

Дарэчы, сваю літаратурную спадчыну ў 12 тамах і яшчэ адзін зборнік паэзіі С. Давідовіч падараваў мовазнаўцам для таго, каб навукоўцы выка­рыстоўвалі некаторыя жывыя прыклады пры ілюстраванні значэнняў слоў у новым тлумачальным слоўніку беларускай мовы.

image

ПРА МАЛУЮ РАДЗІМУ

image

Дню беларускага пісьменства і завяршэнню Года малой Радзімы была прысвечана агульнарэспубліканская творчая акцыя-конкурс «За што я люблю родную зямлю».

Асноўная мэта – стварэнне творчых прац, у якіх адлюстраваны дасягненні ў развіцці рэгіёнаў Беларусі, увасоблены пачуцці гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга.

Па словах старшыні журы конкурсу, дырэктара Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Ігара Капылова (на фота), амаль за месяц былі атрыманы сотні работ. «Узроставы дыяпазон удзельнікаў – ад 6 да 91 года. Прыемна, што да ўдзелу падключыліся пісьменнікі, кандыдаты і дактары навук, прадстаўнікі разнастайных прафесій. Ёсць сябры літаратурных аб’яднанняў з Дрыбіна, Пінска, Горак, Шаркаўчыны ды інш. Усяго адгукнуліся аўтары больш як 35 гарадоў са ўсіх абласцей Беларусі. Шырокай атрымалася і жанравая палітра: эсэ, навэлы, апавяданні, вершы, аповесці… Конкурсная камісія аказалася ў складаным становішчы – настолькі цяжка было вызначыць лепшых. Дарэчы, іх імёны мы абвясцім крыху пазней, падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання. Лепшыя працы будуць выдадзены асобнай кнігай», – падкрэсліў Ігар Лявонавіч і паабяцаў у далейшым больш падрабязна распавесці пра творы пераможцаў.

image

НАВУКОВЫЯ ПОШУКІ

image

Моўная і літаратурная спадчына некаторых нашых суайчыннікаў усе яшчэ застаецца сваеасаблівай terra incognita для даследчыкаў.

Адзін з такіх напрамкаў – вывучэнне чэхаславацкай школы беларускай літаратуры – распрацоўвае намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Мікалай Трус. Дарэчы, яго праца «Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс ХХ стагоддзя» ў мінулым годзе пабачыла свет у Выдавецкім доме «Беларуская навука».

Даследчык шмат працуе з архівамі і першакрыніцамі: у прыватнасці, стажыраваўся ва ўніверсітэце Я.А. Коменскага (Славакія). Таму і яго выступ перад калегамі-навукоўцамі быў падмацаваны многімі прыкладамі. Месцам доўгага захавання каштоўных дакументаў была Браціслава, іх зберагальніцай і ўнікальным кансультантам для даследчыкаў – Людміла Краскоўская, вядомы славацкі гісторык, сяброўка паэта Уладзіміра Жылкі.

Пра вынікі яшчэ адной годнай працы, якая нядаўна пабачыла свет, – манаграфію «Чалавек Рэнесансу, прадвеснік постмадэрну: мастацкі свет Уладзіміра Караткевіча («Звязда», 2020)», – распавёў намеснік дырэктара Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Яўген Гарадніцкі (на фота). Мова ў разуменні класіка айчыннай літаратуры – найдаражэйшы скарб. Іншы знаўца можа спаслацца на тое, што ў Караткевіча хапае не ўласнабеларускіх слоў, але менавіта яны ў чымсьці надаюць асаблівы каларыт яго творам, гэта ўспрымаецца натуральна.

Па словах Я. Гарадніцкага, зараз рыхтуецца да выдання 25-томны збор твораў У. Караткевіча, але чамусьці да працы над ім акадэмічных літаратуразнаўцаў не запрасілі. Наколькі навукова абгрунтаваным атрымаецца вынік, казаць пакуль цяжка – ёсць небеспадстаўныя хваляванні…

Некалькі ўдзельнікаў семінара таксама звярнулі ўвагу на праблему якаснага літаратурнага перакладу з беларускай на рускую мову. Часам нават вядомыя ў літаратурных колах перакладчыкі бяруць на душу грэх разбурэння метафар, недакладнай перадачы вобраз­най кампаненты верша ці ўвогуле яго перапісвання. Для прыкладнага аналізу браліся творы народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча і «вынікі» іх перакладу.

Сярод задум на бліжэйшую будучыню – стварэнне «Слоўніка мовы Якуба Коласа». Падобныя выданні, якія змяшчаюць лексіку твораў Аляксандра Пушкіна, Тараса Шаўчэнкі, Янкі Купалы ўжо існуюць і карыстаюцца попытам. «Слоўнік будзе стварацца на базе 20-томнага збору твораў класіка беларускай літаратуры. Плануем падрыхтаваць пяцітомнае выданне», – распавядае загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства Валянціна Русак.

Яшчэ адзін праект – фарміраванне новага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы». Галоўнай яго адметнасцю, па словах загадчыка аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства Алены Лапцёнак, будзе моўнае ілюстраванне ўжывання кожнага слова, падмацаванае прыкладамі з мастацкай літаратуры.

image

НЕ ЗАСПАМІЦЬ ПАМЯЦЬ

image

Ёсць сярод акадэмічных літаратуразнаўцаў не толькі крытыкі, даследчыкі, але і знаныя паэты.

Старшы навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Серж Мінскевіч (на фота) – адзін з іх. Падчас семінара ён прачытаў не проста ўласныя вершы, а сапраўдныя навінкі для беларускай літаратуры – сінтэз лімерыка (пяцісцішша абсурдзістскага кірунку, уласцівага заходняй паэзіі) і туюга (верша, напісанага чатырохрадкоўямі з рыфмоўкай ааба і рыфмамі-амонімамі). Атрымалася насамрэч цікава!

«Галоўнае – на заспаміць памяць!» – піша С. Мінскевіч. Менавіта гэты лейтматыў можа падагульніць працу нашых мова- і літаратуразнаўцаў. Па словах дырэктара Інстытута літаратуразнаўства Івана Саверчанкі, кіраўніцтва Акадэміі навук падтрымлівае пачыннанні гуманітарыяў, іх новыя праекты. І пакуль кіпіць такая праца, будзе жыць і родная Беларусь!

image

Матэрыялы падрыхтаваў Сяргей ДУБОВІК

Фота аўтара, «Навука»