9.11.2020 №45

image

12 лістапада 2020 года спаўняецца 100 год з дня нараджэння Андрэя Макаёнка.

Андрэй Ягоравіч - Народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа і Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы.

Старонкі біяграфіі

Яго называлі апосталам беларускай драматургіі, героямі яго твораў захапляліся. Яны выглядалі настолькі праўдзіва і жыццёва, што аднаго разу актрысе, якая выконвала ролю перадавой калгасніцы Ганны Чыхнюк, прапанавалі заняць пасаду старшыні калгаса. Гэтаму выдатнаму драматургу ўдалося ўдыхнуць жыццё ў сатырычную камедыю і вывесці беларускую п’есу на ўсесаюзную арэну.

А. Макаёнак быў чалавекам усебакова адораным: ён добра маляваў, рэзаў па дрэве, пісаў вершы і прозу, займаўся перакладам, а яшчэ валодаў талентам акцёра, што адзначыла і прыёмная камісія падчас іспытаў ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі.

Нарадзіўся А. Макаёнак у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Упартасць і ўменне дасягаць пастаўленай мэты праявіліся яшчэ ў дзяцінстве. Маленькаму Андрэю не хапіла некалькіх месяцаў да сямігадовага ўзросту, каб у яго з’явілася магчымасць сесці за парту ў школе. Аднак гэта хлопчыка не спыніла. Ён пачаў прыходзіць, сядаць пад вокнамі, слухаць, часамі зазіраючы ў класны пакой, і запамінаць. Такое імкненне да ведаў прывяло яго ў клас: настаўніца дазволіла наведваць заняткі пры ўмове паспяховага засваення матэрыялу.

Своеасаблівы іспыт, сапраўднае гартаванне характару А. Макаёнак меў у 1942-м годзе пасля асколачнага ранення ног, калі стаяла пытанне аб іх ампутацыі. Гэтая падзея – лёсавызначальная. Юнак літаральна са зброяй у руках не дазволіў зрабіць сябе калекам. Моцны дух, нязломнасць, цярпенне і вера ў свае сілы дазволілі вытрымаць шматлікія аперацыі, працэс рэабілітацыі і ўрэшце ўстаць на ногі.

Пасля вайны ён некалькі гадоў займаўся партыйнай работай: выконваў абавязкі сакратара райкама, а пазней і гаркама камсамола. Пазней заняў пасаду загадчыка аддзела прозы часопіса «Вожык», стаў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага савета БССР.

Ламаючы шаблоны

Сёння цяжка ўявіць сабе беларускую драматургію без п’ес А. Макаёнка. У перыяд панавання ў літаратуры тэорыі бесканфліктнасці (калі канфлікт у творы мог быць паміж добрым і выдатным) А. Макаёнак зламаў гэты шаблон. Ён не баяўся адкрыта гаварыць пра наяўнасць заган у грамадстве. Упершыню выступіў у друку ў 1946 годзе, калі пабачыла свет аднаактоўка «Добра, калі добра канчаецца», якая была адзначана дыпломам і прэміяй на рэспубліканскім конкурсе.

Імя Андрэя Макаёнка звязваюць з новым этапам развіцця беларускай сатырычнай камедыі. Першая такая п’еса – «Выбачайце, калі ласка!» (1953). Далей былі «Кaб людзi нe жypылicя» (1958), «Лявo­нixa нa apбiцe» (1961), «Таблетку пад язык» (1973). Драматург па-майстэрску ўводзіць элементы розных літаратурных форм – фельетона і гумарэскі, памфлета і рэпартажу, фарса і вадэвіля, гераічнай драмы і сатырычнай камедыі, трагікамедыі; акумуліруе дасягненні народнага тэатра і класічных традыцый. Яшчэ адным дасягненнем стала трагікамедыя – жанр, у якім драматург спалучыў элементы камедыі і трагедыі, народнага лубка і гераічнай драмы і якія ён развіў на нацыянальнай аснове («Трыбунал»).

Папулярнасць п’ес А. Макаёнка была фенаменальнай, але не заўсёды шлях на беларускую сцэну быў лёгкі і просты. Здаралася так, што пастаноўка (ці публікацыя п’есы) выходзіла спачатку ў Маскве. Жыццёвасць яго твораў на тэатральных падмостках заключаецца ў асаблівай праўдзівасці вобразаў, у неабыякавасці і нераўнадушшы да таго, чым жыло савецкае грамадства, у адметнасці і трапнасці кожнага слова, якое не згубіла сваёй актуальнасці і цяпер. Калі мастак гаварыў пра вайну, ён, абапіраючыся на свой непасрэдны вопыт, пражываў разам са сваімі персанажамі ўсё зноў. Калі пераносіў дзеянне ў вёску, то ведаў яе жыццё знутры, бо бачыў, што хвалюе і бянтэжыць яе жыхароў. Вялікая сцэна стала для Андрэя Ягоравіча пляцоўкай, з якой ён з жартам ці ўсур’ёз, пранікнёна і шчыра гаварыў з гледачом і словамі, што ўкладваліся ў вусны герояў, тлумачыў, як чалавеку заставацца чалавечным.

Творчасць А. Макаёнка – адметная і самабытная з’ява ў драматургіі. Мастак быў надзелены ўнікальным талентам сатырыка-камедыёграфа і рашучым, настойлівым характарам, а гэта абумовіла выключнасць і фенаменальнасць яго асобы. Творчую спадчыну А. Макаёнка навукова асэнсаваў у сваіх працах член-карэспандэнт НАН Беларусі Сцяпан Лаўшук.

Людміла ІКОННІКАВА,

м.н.с. аддзела беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стст. Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі