13.04.2021 №15

image

Інстытут літаратуразнаўства адзначыў 90-годдзе з дня заснавання .

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 1–2 красавіка адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская літаратура і літаратуразнаўства: канцэпцыі, напрамкі, навуковыя школы (да 90-годдзя з дня заснавання Інстытута літаратуразнаўства)».

29 сакавіка 1931 года ён быў заснаваны ў сістэме АН БССР як Інстытут літаратуры і мастацтва на базе былой кафедры літаратуры Акадэміі. Першым дырэктарам інстытута і адным з яго арганізатараў быў акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР Іван Іванавіч Замоцін. У 1935 годзе рэарганізаваны ў Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва.

У 1957 гозе навуковай установе прысвоена імя Янкі Купалы.

У цяперашні час Інстытут уваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

З канца 30-х гадоў у газетах і часопісах сталі з’яўляцца артыкулы літаратуразнаўцаў. У 1940-я гады былі падрыхтаваны і выдадзены новыя падручнікі і хрэстаматыі па беларускай літаратуры дасавецкага часу, а ў пачатку 1950-х з’явіліся першыя манаграфічныя працы (Ю.Пшыркова, С. Майхровіча і інш.).

У 1950–1960-я гады сектар тэксталогіі падрыхтаваў і выдаў новыя шматтомныя зборы твораў Янкі Купалы (1961–1964) і Якуба Коласа (1961–1964), выбраныя творы М.Багдановіча (1957) і В.Дуніна-Марцінкевіча (1958) ды інш.

Самымі значнымі праектамі інстытута было выданне «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» ў 2-х тамах (1965–1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» ў 2-х тамах (1968–1969), «Нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» ў 6-ці тамах (1992–1995), «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» ў 4-х тамах 6-ці кнігах (1999–2014) ды інш. Зараз у Інстытуце працуе 4 аддзелы (узаемасувязей літаратур, тэорыі і гісторыі літаратуры, выданняў і тэксталогіі, беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стст.) і сектар гісторыі беларускай літаратуры.

***

На канферэнцыі да 90-годдзя Інстытута літаратуразнаўства прысутнічалі больш за 100 чалавек (навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, пісьменнікі і журналісты. На фота ўверсе: дырэктар Інстытута гісторыі В. Лакіза віншуе дырэктара Інстытута літаратуразнаўства І. Саверчанку).

У межах канферэнцыі адбыліся прэзентацыі выдадзеных тамоў Збору твораў Я. Брыля ў 10 тамах (на фота ўнізе), а таксама «Выбраных твораў» (2020) М. Арочкі.

image

Прадуктыўна вялася і праца секцый. У першай выступілі: Т. Камароўская пра станаўленне беларускай школы вывучэння замежнай літаратуры, А. Трафімчык пра эвалюцыю нацыянальнага ў ранняй паэзіі Янкі Купалы і пра яго прадчуванне падзелу Радзімы, І. Баўтрэль пра санеталогію на старонках «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя», Ж. Шаладонава пра іншасць у літаратурна-мастацкім асваенні, Н. Якавенка пра вобразы гістарычных асоб у суаснай усходнеславянскай прозе.

У другой секцыі абмеркавалі наступныя тэмы: «Аксіялагічныя прыярытэты эпохі ў беларускім пісьменстве ХVІ стагоддзя», «Тры Русі» ў палемічнай літаратуры Беларусі канца ХVІ – першай паловы ХVІІ стагоддзя», «Эмацыйнасць і эматыўнасць у свеце хрысціянскай аксіялогіі», «Быліцы, расказы Навума» В. Дуніна-Марцінкевіча…», «Ці ведаем мы літаратуру нашаніўства?..» і інш.

У трэцяй секцыі М. Мікуліч успомніў сваіх літаратуразнаўчых настаўнікаў – М. Арочку і Р. Бярозкіна, іх метадалогію і напрамкі дзейнасці. Л. Іконнікава засяродзіла ўвагу на праблеме перыядызацыі сучаснай літаратуры і вывучэння сучаснай драматургіі. Аўтар гэтых радкоў распавяла пра асаблівасці засваення форм хоку і танкі ў сучаснай беларускай паэзіі, а В. Каменюкова разгледзела вобразы анёла-ахоўніка і дэманічнага двайніка ў сучаснай беларускай прозе.

У чацвёртай секцыі былі зачытаны даклады «Беларускі кантэкст жыцця і творчасці Крыстыны Крагельскай», «Паэзія Габрыэлі Пузыні ў рамантычным літаратурным дыскурсе Беларусі сярэдзіны ХІХ стагоддзя», «Канатацыйная амплітуда адпаведнікаў вобраза Айчыны Адама Міцкевіча ў беларускіх перакладах» і інш.

Вынікі канферэнцыі пацвердзілі высокі крэатыўны і аналітычны патэнцыял сучасных даследчыкаў, якія вывучаюць творчых індывідуальнасцей у кантэксце беларускага літаратурнага працэсу, у яго сувязі з сусветным мастацтвам слова, у сінхранічным і дыяхранічным зрэзах, праз прызму тэорыі і гісторыі літаратуры, а таксама кампаратывістыкі.

Таццяна Барысюк,

Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН

Беларусі Фота М. Гулякевіча, «Навука»,

і М. Варабей