23.01.2024 №4
У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь 16 студзеня адбылася прэс-канферэнцыя –
прэзентацыя Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гг. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, а таксама Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Сутнасць Канцэпцыі
Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады, зацверджаная пастановай Савета Міністраў 28 снежня 2023 года, накіравана на ўмацаванне культурнай бяспекі і культурнага суверэнітэту. Аб гэтым распавяла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга. Яна заўважыла, што даце падпісання канцэпцыі – 28 снежня – папярэднічала шматмесячная праца, у якой прынялі ўдзел і вучоныя НАН Беларусі.
Гісторыя гэтага дакумента пачалася з леташняга паслання кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, у якім было абазначана такое актуальнае пытанне, як паэтапнае культурнае «імпартазамяшчэнне». Прыняўшы такі дакумент, Беларусь не адхіляе сусветную культурную спадчыну або культурную спадчыну суседніх дзяржаў, з якімі звязана даўняй культурнай і гістарычнай сувяззю. Пры гэтым акцэнт будзе рабіцца на развіццё ўласнабеларускай культурнай спадчыны. Размова ідзе, у прыватнасці, аб роўным валоданні дзвюма дзяржаўнымі мовамі без усялякага ўціску кожнай з іх, святкаванні беларускіх свят і агульначалавечых свят па беларускіх традыцыях, большым спажыванні беларускіх культурных прадуктаў (тэатральных, музычных, кінематаграфічных).
Згодна з канцэпцыяй, для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і звычаяў плануецца ў тым ліку павялічыць уцягнутасць насельніцтва краіны мерапрыемствамі, якія фарміруюць патрыятычныя каштоўнасныя арыентацыі. Акцэнт будзе рабіцца на папулярызаваць падзей і асобаў, якія вядомыя значным укладам у станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Акрамя таго, размова ідзе аб укараненні ў работу ўстаноў і арганізацый усіх форм уласнасці практыкі святкавання дзяржаўных і сучасных беларускіх свят, правядзенні грамадзянскіх рытуалаў з выкарыстаннем нацыянальных традыцый, уцягванні адрэстаўраваных і закансерваваных гісторыка-культурных каштоўнасцей у культурны і турыстычны абарот.
Праз родную гісторыю, мову і літаратуру
Рэалізацыя канцэпцыі будзе мець пад сабой канкрэтны падмурак і напаўненне. І ў гэтай справе вялікая адказнасць кладзецца на гуманітарыяў НАН Беларусі як на лідараў у адпаведных экспертных сферах. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі, адказны за рэалізацыю канцэпцыі з боку Акадэміі навук, падкрэсліў важнасць актывізацыі СМІ ў справе папулярызацыі падзей, якія звязваюць навуку і культуру, а іх сёлета плануецца шмат.
Так, ужо ў лютым вучоныя Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры правядуць шэраг мерапрыемстваў пад знакам Тыдня роднай мовы. Па словах Ігара Капылова, дырэктара Інстытута мовазнаўства, установы, якая не адзін год ажыццяўляе гэтую ініцыятыву, сёлета цыкл сустрэч пачнецца раней за 21 лютага і стартуе ў дзіцячым лагеры «Зубронак». У цэнтры ўвагі – праблемы развіцця абедзьвух дзяржаўных моў, супрацьстаянне экспансіі іншаземных слоў, засмечванню маўлення. У бліжэйшы час у Інстытуце мовазнаўства адбудзецца круглы стол, прысвечаны гэтай праблематыцы.
Яшчэ адна праблема – павышана актыўнае ўжыванне абсцэннай ненарматыўнай лексікі, прасцей кажучы, мацюкоў. І перш за ўсё ў маладзёжным асяроддзі. «Мяне хвалюе, што ненарматыўная лексіка часам успрымаецца як неад’емная арганічная частка лексікона», – падкрэслівае Ігар Лявонавіч. Менавіта таму мовазнаўцы запланавалі шэраг сустрэч з моладдзю, каб патлумачыць ім пра маўленчую прыгажосць.
Хвалюе мовазнаўцаў і захаванне звычайных норм маўлення, парушэнні якіх фіксуюцца на розных узроўнях. З тае нагоды рыхтуецца шэраг новых даведнікаў. Увогуле ж праграма Тыдня роднай мове праз які час з’явіцца на сайце інстытута https://iml.basnet.by.
Традыцыйна 21 лютага пройдзе агульнарэспубліканская дыктоўка. Сёлета адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму добра, каб і тэкст дыктоўкі быў прысвечаны гэтай даце.
Не павінны адставаць і літаратуразнаўцы. Як адзначыў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства Іван Саверчанка, новая Канцэпцыя павінна даць выхад на новы ўзровень і літаратурным творам. «Яе мерапрыемствы прадуманыя, узважаныя, рэалістычныя. Гэта стоадсоткава будзе рэалізавана. Да таго ж, мы чакаем новых выдатных твораў нашых знаных пісьменнікаў і паэтаў. І такое чаканне мае падставу», – выказаўся Івана Васільевіч.
Пра механізмы рэалізацыі Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ў сферы гістарычнай палітыкі распавёў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Трубчык. Ён звярнуў увагу на практычнае выкарыстанне помнікаў археалогіі ва ўсіх абласцях Беларусі, папулярызацыю рэгіянальнай гісторыі праз навуковыя канферэнцыі ў беларускіх райцэнтрах.
Праца па рэалізацыі некаторых праектаў канцэпцыі пачалася, прычым да гэтага актыўна падлючаюцца таксама акадэмічныя філосафы, мастацтвазнаўцы і кнігавыдаўцы. Яны прэзентуюць новыя цікавыя выданні, якія заўжды знаходзяць удзячнага чытача. Наперадзе – шмат цікавых падзей, праектаў, ініцыятыў.
Сяргей ДУБОВІК
Фота аўтара, «Навука»
Урэзка:
Музейная пляцоўка была абрана нездарма: галоўнай галерэі краіны сёлета спаўняецца 85 гадоў. Зараз у фондах – каля 30 тыс. прадметаў, значная частка якіх альбо на захоўванні, альбо на рэстаўрацыі. Таму ў вучоных-мастацтвазнаўцаў і аматараў жывапісу ёсць выдатны шанец атрымаць культурную асалоду ад выдатных работ айчынных майстроў. Дарэчы, у межах прэс-мерапрыемства вучоныя Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі і прадстаўнікі СМІ пазнаёміліся з музейнымі сховішчамі. У прыватнасці, на прыкладзе рэстаўрацыі карціны акадэміка НАН Беларусі Міхаіла Савіцкага быў паказаны працэс аднаўлення значных твораў мастацтва. Ну а напрыканцы журналісты абралі лепшыя карціны, якія на некалькі тыдняў будуць экспанавацца ў музеі.